Мікола Чарняўскі: Загадкі
***
Не званочак, а звініць.
Ног не мае, а бяжыць.
Як гарэза, скок ды скок:
Ён вясёлы... (Ручаёк)
***
Ног не мае, ды яна
Нораў мае свой здаўна:
Не стаіць і не ляжыць,
А бяжыць, бяжыць, бяжыць,
Расцягнуўшы сіні хвост
На паўсотню, можа, вёрст.
Ды не так сабе прастуе:
Летам — рыбкаю частуе,
Піць дае лугам, лясам.
А завуць яе Ліса.
Здагадаліся цяпер, хто яна,
Вось гэткі звер? (Рэчка Ліса)
***
Шэры мякенькі клубок
З печы на падлогу скок!
Ён вуркоча як матор,
А завуць яго… БАБЁР.
З восені салодка спаў,
Па вясне галодны ўстаў.
Чуеш, ломіцца праз лес…
ШАСЦІСОТЫ МЭРСЭДЭС.
Даўгадзюбы і цыбаты
На буслянцы ладзіць хату.
Гэта з выраю, здалёк
Прыляцеў наш… МАТЫЛЁК.
Спрытна моркву выбіраюць,
Ад лісіцы уцякаюць,
Скачуць весела ў бары
Касавокія… ЗУБРЫ.
Алена Церашкова
Калядныя загадкі пра дом
Ёсць дах ды падмурак,
Ды сцены з вакном.
А разам усё называецца… (дом)
Паліто вісяць радком,
Боцікі стаяць гуртом.
Дзверы ў залю, дзверы ў спальню
Адкрываюцца з… (вітальні)
Над белым чаўном –
Два бліскучыя краны.
Ага! Мы з табой
Зазірнулі ў …(ванную)
Што за бах ды тарарах,
Дзынь ды бом, ды смачны пах!
Імбрык сварыцца з патэльняй!
Мы спяшаемся ў …(варэльню)
Ложак збэрсаны дарэшты,
Кніжкі й цацкі ўперамежку.
Што за “дзік” тут насвінячыў?
Ясна, што пакой… (дзіцячы)
Як зорачка, зіхціць начнік.
Будзільнік шэпча: цік-цік-цік!
Салодкі сон да рання
Глядзець так добра ў… (спальні)
Тут усім хапае месца
І пабегаць, і прысесці.
І калі гасцей склікалі,
Накрывалі стол у… (залі).
Яна ў кожным доме – калядная госця.
У розным убранні дый рознага росту.
Пакажуць дванаццаць гадзінніка стрэлкі,
І тут жа ўсе дзеці імчацца да… (елкі)
Пад елкай – мяшкі, скруткі, скрынкі, пакункі.
А ў іх зачакаліся нас… (падарункі)
Жывуць у кватэры дарослыя й дзеці,
Тут кожны – адзіны, найлепшы у свеце!
Я ўсіх вас люблю, цврда ведаю я:
Галоўнае самае – гэта… (СЯМ’Я)
Алена Церашкова
Беларускія народныя загадкі пра зіму
Без сякеры, без кліна на рацэ мост зрабіў.
(Мароз зрабіў лёд)
Пятрок ля варот цяпло ўвалок, сам не бяжыць, а стаячых не любіць.
(Мароз)
Без рук малюе, без зубоў кусае.
(Мароз)
Ішоў генерал, з усіх шапкі паздымаў, а трое не даліся.
(Мароз, хвоя, елка, ядловец)
Ляцеў птах, на ваду - бах. Вады не скалаціў, на дно патануў.
(Снег)
Ляцелі белыя гусі, крылля русы, ды нельга з іх па пёрушку вырваць.
(Снег)
Ляцяць птушкі без крылаў, а сядаюць без ног.
(Сняжынкі)
Па калені вады, а не нап'ешся.
(Снег)
Белы, а не цукар, без ног, а ідзе.
(Снег)
Сее, вее, рассявае, зімой сляды замятае.
(Снег)
З неба ўпаў, усю зямлю, як абрусам, заслаў.
(Снег)
Зімой грэе, вясной тлее, улетку памірае, увосень аджывае.
(Снег)
Ляцеў птах, на вароты - бах, прыляцеў каптур, сагнаў адтуль.
(Снег, дождж)
На вадзе родзіцца, а вады баіцца.
(Лёд)
Зімой расце коранем уверх, а вясной памірае. Хто адгадае?
(Лядзяш)
Са страхі морква вісіць, да зямлі не дастане, паху не мае, зімой вырастае.
(Лядзяш)
Удзень шкло разбіта, а нанач устаўлена.
(Лёд у палонцы)
Стаіць дуб у чыстым полі, а на ім дванаццаць голляў, а на голлях, як заўсёды, пяцьдзесят і два гнязды. Па сем яек там ляжыць. Што гэта за дуб стаіць?
(Год, месяцы, тыдні, дні)
Летась кароль ехаў, а сёлета сляды значны.
(Каляды)
Не есць і не п'е, а ходзіць і б'е.
(Гадзіннік)
Вясковыя загадкі
Расцілі, збіралі,
Тапталі, ткалі
І на стол заслалі.
(Абрус)
З хаты ў хату водзіць, а сама не заходзіць.
(Дарога)
Было жоўтым, вырасла зялёным,
Сонца пацалвала - ізноў жоўтым стала.
(Збожжа)
Белая кабыла ўвесь лес з'ела.
(Печ)
Стары згорблены дзядок
Мае доўгі паясок,
Пхне перад сабой лясок
І кладзе снапок.
(Серп)
Білі мяне, білі, білі,. калацілі,
Клоччамі рвалі, па полі качалі
І на стол саджалі.
(Лён)
Чым больш я кручуся, тым больш таўсцею.
(Верацяно)
Стаіць пястунчык,
За кожны глытунчык
Просіць пацалунчык.
(Шклянка)
Пухнатае ягнятка,
Хто б падумаць мог:
Удзень яно з нагамі,
А ўначы - без ног!
(Шкарпэтка)
Пер'я наелася, у кашулю адзелася
І стаіць у ахвоту начная істота,
Ляжыць - дзе і ты.
Чатыры рукі і два жываты.
(Падушка)
Ну і дзіўны посуд
Носіш, браце, ты:
Дагары дном - поўны,
Дном уніз - пусты!
(Шапка)
Сто братоў адным поясам падпярэзаныя.
(Сноп)
Галавы не мае,
Шапку на назе трымае.
(Грыб)
Вершы-загадкі пра кветкі
Маніць чырванню пладоў
Шчыльная сцяна кустоў.
На калючкі не крыўдуй,
Лепш плады іх пакаштуй.
Не шукай наўпрост дарог:
жываплотам вырас глог.
Беларускай ружай клічуць.
Пчолкі кветкі ёй казычуць.
Як пялёсткі абляцелі -
Хутка і плады паспелі.
Толькі есці іх не варта.
Лепей кінуць у гарбату.
Мноства розных вітамінаў
назапасіла шыпшына.
Красавала, чырванела
кветачка на градках.
Як пялёсткі абляцелі - засталася хатка.
Патрасеш - яна звініць.
Хто у хаціне той сядзіць?
Булкам адмысловы смак
надае звычайны мак.
За плот чапляецца вусамі
сцябло з тугімі гаманцамі.
У гаманцах сядзяць сынкі,
гадуюць круглыя бакі.
Калі вусач пажоўк, засох,
глядзі: пара збіраць гарох!
Краску клічуць пустазеллем:
рвуць усе, ніхто не сее.
Пчолкі ў жыта залятаюць,
неба кропелькі шукаюць.
Ведае, напэўна, кожны
Нашы сціплыя валошкі.
У траве ў зялёнай свіце
Да ўзыходу сонца спіць ён.
А як сонейка вітае – золатам кашуля ззяе.
Раптам зробіцца надзьмуты
У пухнатым белым футры.
А пад ветрам гайданецца –
Дык у момант распранецца.
Што за модны маладзец?
Ну, вядома ж, дзьмухавец!
Мы расцем не на градзе, мы красуем на вадзе.
Першы белы, як сняжок, другі жоўты, як жаўток.
Не зрывайце нас дарма: без вады жыцця няма.
Пчолка кветку апыляе – кветка пад ваду нырае.
Пад вадой плады саспеюць, і вада іх будзе сеяць -
Круглыя, як мячыкі кветачкі-гарлачыкі.
Што за куст цвіце букетамі ,
Фіялетавымі кветкамі?
Зломім па галінцы ўсе ,
Ў хату радасць прынясем.
Абламайце хоць увесь,
Крыўдаваць не будзе бэз.
Паўсюль вы сустрэнеце гэтыя кветкі:
Блакітныя вочкі і жоўтыя зрэнкі.
На лузе, у лесе, па ўскрайку балота
Растуць яны дружна. Збірай у ахвоту.
Калі прыварот трэба моцны ды хуткі,
Каханку на грудзі кладзі незабудкі.
Паміж двух лістоў – драточак.
На драточку – сем званочкаў.
Пчолкі ў званочкі б’юць
І мядок дамоў нясуць.
І ў лісточках, і ў кветках
І атрута ёсць, і лекі.
Можа , некалі пасадзіш
Ты на клумбе белы ландыш.
Лісточкі-далонькі і золата- кветкі.
Трымайцеся з імі абачліва, дзеткі!
У кветачкі гэтай атрутныя сокі:
На скуры ад іх застаюцца апёкі.
Рукамі пакраталі – вочкі шкадуйце:
Пякучым спрадвек называецца люцік.
Жоўтае сонейка ў белых пялёстках –
Кожны з нас ведае кветачку простую.
П’ем з ёй гарбату (прастуда міне),
З ёю варожым (кахае ці не).
Дык пра якія тут кветкі гамонка?
Ты здагадаўся? Вядома ж, рамонкі!
Узімку цыбулінка спіць-спачывае.
Прачнецца – і кветкі наволю пускае.
Хай снег, хай мароз – у вясновым падлеску
Красуюць блакітныя кветкі – пралескі.
Што пахне на лузе так соладка ўлетку?
Трайныя лісточкі ды шарыкі-кветкі.
Карове, каню ды сямейцы трусінай
Наш Яська пайшоў накасіць канюшыны.
Алена Церашкова
У восеньскім лесе (загадкі-рыфмаванкі)
У крамянай цёмнай шапцы,
У лясочку, на палянцы
З-пад зямлі за ноч узьнік
Тоўсты дзядзька ... баравік.
Побач - жоўтыя сястрычкі,
Тры вясёлыя ... (лісічкі).
Крыху ўбок, ля самай сьцежкі, -
Маладыя ...(сыраежкі).
А за імі ў тры рады
Селі чорныя ... (грузды).
Не зявай, рухавы вожык,
Ды бяжы дамоў па ... (кошык):
Будзеш зіму зімаваць
Ды грыбочкі гатаваць.
Ля балота, у нізінцы
Сьпелі смачныя ... (брусьніцы).
На другім баку нізіны
Дасьпявалі ... (журавіны).
І здавалася, што вокал
Ўсё, куды ні кінеш вокам,
Як агеньчыкі, гарыць
Ды чырвона зіхаціць. **
У сукенцы рудаватай,
З жаўцізною, бы на сьвята,
Прыгажуня стала ў парку,
Кліча вопраткаю яркай.
Завушніцы - што рубіны
У чырвонае ... (рабіны).
У густым асеньнім змроку
Зьзяе сонейкам здалёку:
У сукенцы струмяністай,
Упрыгожанай маністам,
І раняе ліст, бы сьлёзы
Беластвольная ... (бяроза).