Паважаныя бацькi!
Дапамажыце нам далучыць дзяцей да роднай, беларускай мовы.
Чалавечая мова – гэта, як вялiкi стары таямнiчы бор, поўны жыцця, поўны звонкiх спеваў, нязнаных вясёлых i страшных шэптаў, поўны радасцi і смутку.
Услухайцеся ў родную мову! I вы пачуеце словы моцныя i велiчныя, як дубы, што ўзносяцца ў неба, ёсць словы вясёлыя, як песня сонца, ёсць словы, якiя звоняць нiбы жураўлiкi ў небе, альбо скардзяцца, як енк.
Паглядзiце, як гэта цiкава: некаторыя словы самiм сваiм гучаннем як бы пераймаюцъ тое, што выказваюць, напрыклад: рык, гром, свiст, гук.
Раскрыць дзецям прыгажосць роднай мовы, паказаць яе мiлагучнасць - адзiн са шляхаў выхавання любвi да сваей Радзiмы.
Дык будзем з замiлаваннем услухоўвацца ў нашу мову, разам вучыцца мове, далучацца да невычэрпных крынiц беларускай лiтаратуры, мастацтва, гiсторыі роднага краю.
Неабходна старацца як найлепш карыстацца роднай мовай, з павагай адносiцца да яе, прывiваць любоў i пашану да мовы Бацькаўшчыны нашым дзецям.
Хацелася б, паважаныя бацькi, каб нашым дзецям прывiвалася пашана да роднай мовы як у садку, так i дома.
У кожнай беларускай сям’i павiнны быць часопiсы, кнiгi для дзяцей на роднай мове. Выхаванне дзяцей павiнна грунтавацца на роднай гiсторыi, на родным фальклоры, на родных традыцыях.
Як мага больш чытайце дзецям апавяданняў, казкаў; вучыце вершы, прыказкi, пашырайце слоўнiкавы запас.
У нас ёсць надзея, што з вашага боку мы сустрэнем аднадумцаў, падтрымку i дапамогу.
<address style="text-align: right;">Слова да слова, слова да слова –</address> <address style="text-align: right;">Гэта бацькоўская родная мова,</address> <address style="text-align: right;">Матчына мова, пяшчотная, чыстая,</address> <address style="text-align: right;">Быццам крыніца, жывая, іскрыстая.</address> <address style="text-align: right;">А.Вольскі</address>Як шмат краін, не падобных адна на адну, ёсць на зямным шары! Падарожнічаючы па свеце, кожны з нас не проста прывозіць на памяць прыгожыя цацкі, а стараецца набыць нацыянальныя сувеніры, якія будуць нагадваць пра традыцыі і культуры чужога краю. Нават ненадоўга прыязджаючы ў іншую краіну, мы імкнемся убачыць мясцовыя славутасці і пабольш даведацца пра гісторыю дзяржавы, пазнаёміцца з замежнай мовай або нават загаварыць на ёй.Калі ў нашу краіну прыязджаюць замежныя госці, яны таксама з задавальненнем вязуць на памяць сувеніры з лёну і саломкі, знаёмяцца з нашай культурай. Але ці шматлікія з нас могуць расказаць пра сваю краіну на роднай беларускай мове, пазнаёміць з традыцыямі свайго краю?На жаль, зусім нямногія.
У цяперашні час немагчыма ўявіць сабе сучаснага адукаванага чалавека, які не ведаў бы гісторыі, традыцый сваёй краіны, роднай мовы. Але, на жаль, часта юнакі і дзяўчаты добра гавораць на замежных мовах, арыентуюцца ў культурных традыцыях іншых краін, але пра спадчыну сваёй краіны ведаюць зусім мала, а беларускай мовай і зусім не валодаюць.
Захапленне гісторыяй роднай краіны, любоў і павагу да беларускай мовы трэба выхоўваць з дзяцінства.
Давайце разам падумаем, як захапіць дзіця, каб яму захацелася вывучыць родную мову.
Пачынаем размаўляць па-беларуску!
Ветлівасць Ветлівымі словамі дарослыя і дзеці карыстаюцца амаль штодня. Давайце праверым свае веды і пакажам прыклад ветлівых паводзін дзецям:
Дзякуем Сардэчна дзякую! Я ўдзячны (удзячна) Вам! Дзякуй за дапамогу! Дзякуй за ўсё!
Просім прабачэння Прабачце, калі ласка! Я прашу прабачэння! Вельмі шкадую, што нарабіў Вам клопату. Не сярдуйце, так атрымалася. Даруйце, мне вельмі непрыемна.
Радуемся Вельмі добра! Цудоўна! Выдатна! Вось здорава! Якое шчасце! Вось гэта навіна! Мне вельмі прыемна! Я задаволены (задаволена)! Вы мяне ўзрадавалі! Мне гэта даспадобы! Гэта самая шчаслівая хвіліна ў маім жыцці! Я вельмі рады (рада)!
Жадаем Жадаю шчасця! Каб Вы здаровы былі і радаваліся! Хай Вас Бог беражэ! Хай Вам шчасціць! Хай будуць здаровы Вашы родныя! Расці дужы (дужая) ды вялікі (вялікая)! Хай здзейсняцца ўсе спадзяванні! Бывайце здаровы, жывіце багата! Добрай дарогі! Хай усё будзе добра! Хай Вам лёс не здрадзіць!
Імёны Для бацькоў імя сына ці дачкі — самае пяшчотнае і мілагучнае. Кожнае дзіця любіць, каб да яго звярталіся неяк асабліва. Камусьці падабаюцца памяншальныя ласкавыя формы імя, камусьці — толькі поўныя. Дзецям будзе цікава на некалькі хвілін акунуцца ў мінулае нашай краіны і даведацца, якія імёны існавалі раней на Беларусі.
Кнігі на беларускай мове «Жыло-было Воблачка. Усё цікавіла яго: і адкуль сонейка ўзыходзіць, і куды спаць кладзецца, і чаму неба сіняе, а лес зялёны?» — ці не нагадвае вам гэты казачны персанаж, прыдуманы сучаснай беларускай пісьменніцай Аленай Маслай, нашых цікаўных, няўрымслівых, дасціпных дзяцей?
Кажуць, што найлепшых поспехаў у выхаванні можна дасягнуць тады, калі дзіця не заўважае, што яго выхоўваюць. Гартаючы старонкі цікавай кніжкі, маленькі чытач разам з героямі кнігі непакоіцца і радуецца, сам спрабуе зразумець важныя ўрокі жыцця. Цудоўна, калі дзіця будзе браць іх са старонак кніг на роднай мове! Прачытайце сыну ці дачцэ ўрывак з твора Уладзіміра Дубоўкі «Шануйце ўсё жывое».
У многіх сем’ях існуе традыцыя — увечары перад сном бацькі чытаюць дзецям казкі. Часцей чытайце разам з дзецьмі кнігі на беларускай мове. Завітайце ў кнігарню ці бібліятэку, пазнаёмцеся з навінкамі на кніжных паліцах. Вы ведаеце кнігі «Прыгоды Нуліка» і «Я тут жыву» Уладзіміра Ліпскага, «Вандроўка з божымі кароўкамі» і «Першая прыгажуня» Алены Маслы, «Цуда-вуда» Уладзіміра Мазго, кнігі Ніны Галіноўскай, Казіміра Камейшы, Міколы Маляўкі, Анатоля Зэкава і іншыя цудоўныя творы, якія напісаны спецыяльна для маленькіх чытачоў? Цікаўцеся дзіцячай літаратурай на роднай мове!
Паспрабуйце заахвоціць дзяцей да чытання вершаў, казак, апавяданняў, змешчаных на старонках дзіцячых часопісаў. Разам абмяркоўвайце выказаныя ў іх думкі, дапамажыце лепш зразумець прачытанае.
У тэле- і радыёрэпартажах, артыкулах газет і часопісаў, аб’явах у бібліятэках можна пачуць цікавую інфармацыю наконт прэзентацый новых кніг, творчых сустрэч з аўтарамі, іншых культурных мерапрыемстваў. Наведайце з дзецьмі хаця б некаторыя з іх. Аднак, збіраючыся на такую сустрэчу, падрыхтуйце дзіця да яе. Раскажыце, з якім пісьменнікам ладзіцца сустрэча, што чакаеце ад яе. У наш час часцей праводзяцца забаўляльныя мерапрыемствы, і дзіця звычайна не трапляе на сур’ёзныя сустрэчы. Таму бацькам варта растлумачыць дзецям, што, каб быць рознабакова развітай асобай, абавязкова трэба цікавіцца культурнымі падзеямі сучаснага жыцця.
Прыказкі і прымаўкі Хоць, можа, у штодзённым жыцці мы рэдка размаўляем па-беларуску, але часта прыгадваем вядомыя прыказкі і прымаўкі, якія дапамагаюць выказаць свае адносіны да сітуацыі. Прыказкі надаюць мове выразнасць, дасціпнасць, паэтычнасць. «Хата без кутоў не будуецца, без прымаўкі ні бяседа, ні гутарка не вядзецца» — у прыказках мала слоў, але ў іх закладзена народная мудрасць. Трапныя выслоўі назапашваюцца ў нашай памяці на працягу ўсяго жыцця. Мы чуем і запамінаем іх з размоў, слухаючы казкі, песні, паданні. Усім знаёмая сітуацыя: дзіця мые посуд, раптам талерка выслізвае з рук і разбіваецца. Каб супакоіць дзіця, дарослыя прыгадваюць старое павер’е: «Посуд б’ецца на шчасце!»
Без асаблівых намаганняў памяці мы звяртаемся да прыказак і прымавак, каб вывесці правіла, даць ацэнку падзеям, характарыстыку паводзінам людзей. Як растлумачыць дзецям, што такое любоў і павага да бацькоў, як трэба ставицца да людзей, дзе знайсці даступныя ўзросту прыклады? Прапануйце малым некалькі прыказак і разам абмяркуйце іх.
Пры сонейку цёпла, пры мамачцы добра.
Добраму чалавеку жыццё ў радасць, а злому — адно гора.
Не рабі другому, што не люба самому.
У людзей пытай, ды свой розум май.
Прыказкі і прымаўкі не старэюць на працягу стагоддзяў, яны выказваюць агульначалавечую мараль сцісла, у дасканалай мастацкай форме. Крынічным звонам бессмяротнасці роднае мовы назваў Янка Брыль народныя прыказкі і прымаўкі.
Святы Хто не ведае прыгожую легенду пра папараць-кветку, якая расцвітае ў ноч на Івана Купалу? Пра тое, што чалавек, якому пашчасціць здабыць чароўную кветку, зразумее мову птушак і звяроў, стане багатым і шчаслівым? Ноч гэтая незвычайная, казачная: дрэвы, хмызы і кветкі размаўляюць паміж сабою і нават пераходзяць з месца на месца. Менавіта ў купальскую ноч, згодна з павер’ем, трэба збіраць лекавыя расліны, якія маюць у гэты час асаблівую сілу.
На жаль, сучасныя дзеці дрэнна ведаюць беларускія святы. Пачніце знаёміць малых з народным календаром — расказвайце пра святы, якія захаваліся да нашых дзён. Напрыклад, увесну беларусы святкуюць Вербніцу, або Вербную нядзелю. У гэты вясновы дзень, за тыдзень да Вялікадня, людзі ламаюць галінкі вярбы — дрэва, поўнага магутнай жыццёвай сілы. Вербнай галінкай дакранаюцца да родных і знаёмых (найперш да дзяцей) і прыгаворваюць:
Не я б’ю — вярба б’е.
За тыдзень — Вялікдзень.
Будзь здаровы, як вада,
І багаты, як зямля.
Расці, як вярба,
Як лёд, на ўвесь год!
У бібліятэцы можна знайсці цікавыя кніжкі пра беларускія народныя святы. Разам з дзецьмі прачытайце пра провады зімы — Масленіцу, свята прылёту птушак — Саракі, пра пачатак і заканчэнне жніва — Дажынкі і Зажынкі ды іншыя народныя традыцыі.
Урокі роднай мовы Вывучэнне мовы, якую не ведаеш, — з’ява не простая. Калі ж бацькі разам з дзецьмі вывучаюць родную мову, поспех абавязкова прыйдзе. Час ад часу можна нават спаборнічаць, хто лепш ведае сваю мову. Напрыклад, паспрабуйце з дапамогай перакладнога слоўніка (а мо і без яго) назваць па-беларуску навакольных птушак, звяроў, кветкі і г. д.
«Вам доўга крочыць праз гады. Не забывайцеся ж, якія Вы пакідаеце сляды», — успамінаюцца радкі з верша Пятруся Броўкі.
Дзіця, якое з маленства шануе традыцыі сваіх продкаў, гаворыць па-беларуску, паважае сваіх бацькоў, пранясе такія адносіны праз усё жыццё. І тады новыя пакаленні маленькіх беларусаў будуць размаўляць на роднай мове.